САН-ФРАНЦЫ́СКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1951,
дагавор з Японіяй пасля 2-й сусв. вайны. Падпісаны 8 вер. на міжнар. мірнай канферэнцыі (праходзіла 4—8.9.1951; склікана ЗША і Вялікабрытаніяй) у г. Сан-Францыска (ЗША) прадстаўнікамі 49 з 52 дзяржаў-удзельніц. Не падпісалі дагавор СССР (дэлегацыю ўзначальваў А.А.Грамыка), Польшча і Чэхаславакія, прадстаўнікі Кіт. Нар. Рэспублікі і Тайваня не былі запрошаны, Індыя і Бірма адмовіліся ад удзелу ў канферэнцыі. Падрыхтаваны ўрадамі ЗША і Вялікабрытаніі на працягу лют. 1946—жн. 1951. Складаўся з 7 раздзелаў (27 артыкулаў). Спыніў стан вайны паміж Японіяй і ўдзельнікамі дагавора. Японія прызнавала незалежнасць Карэі і рашэнні Савета Бяспекі ААН пра былыя падмандатныя яп. тэр., адмаўлялася ад прэтэнзій на Курыльскія а-вы, Паўд. Сахалін, в-аў Тайвань, а-вы Пэнхуледао, Спратлі і Парасельскія. Дэклараваў спыненне амер. акупац. рэжыму ў Японіі, але амер. войскі заставаліся ў краіне на няпэўны тэрмін. 8 вер. ў Сан-Францыска дзярж. сакратар ЗША Д.Ачэсан і прэм’ер-міністр Японіі Ёсіда Сігэру падпісалі таксама двухбаковы «дагавор бяспекі» (гл. ў арт. Амерыкана-японскія дагаворы 1951, 1960). Абодва дагаворы набылі сілу 28.4.1952. С.-ф.м.д. 1951 не вырашыў праблему тэр. размежавання паміж Японіяй і СССР і пытанні нармалізацыі адносін Японіі з Кіт. Нар. Рэспублікай.
т. 14, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)